Каляндар народных свят і абрадаў
ВЯСНА
Гуканне вясны
Старажытнае свята развітання з зімой і сустрэчы вясны. Суправаджаецца абрадавымі вясновымі песнямі, карагодамі. Людзі заклікаюць вясну хутчэй прыйсці, радуюцца першаму вясноваму сонцу і праганяюць зіму.
Як і многія іншыя язычніцкія абрады, Гуканне вясны не мела канкрэтнай даты святкавання.
- У некаторых мясцінах Гуканне вясны супадала з канцом масленкавага тыдню.
- У некаторых раёнах вясну пачыналі гукаць 1 сакавіка, на свята Аўдакеі (Аўдоцця-вясноўка).
- 9 сакавіка спраўляліся Саракі — свята, у якое, паводле павер’яў, павінны былі прыляцець з поўдня сорак ”выраяў” (птушыных зграй).
- У іншых мясцінах вясну пачыналі гукаць на Дабравешчанне (Звеставанне), якое святкавалася 25 сакавіка.
Пасля пераходу на Грыгарыянскі каляндар ўсе праваслаўныя святы ”зрушыліся” на 13 дзён наперад. Саракі ”пераехалі” на 22 сакавіка, і вясну найчасцей гукаюць у 10-20-х лічбах сакавіка.
Найчасцей збіраліся на адкрытым месцы (горцы, беразе ракі, краі лесу ці нават даху хаты ці лазні). Справа ў тым, што менавіта высокія месцы вясною першымі вызваляюцца ад снегу. Сяляне складалі вогнішча з рознай старызны і спявалі вакол яго песні-вяснянкі. Часам моладзь, як і на купальскія ігрышчы, ладзіла скокі праз вогнішча. Спальванне старызны сімвалізавала развітанне з зімою, аднаўленне свету, амалоджванне прыроды.
Найчасцей пяклі сорак кавалкаў печыва ў выглядзе птушак і раздавалі дзецям. Часам дзяўчаты бралі палатно і хісталі яго, падкідваючы на ім уверх печаных жаваронкаў. Гэта як бы імітыравала палёт і павінна было паскорыць вяртанне птушак з Выраю. Адным з першых кожную вясну прылятаў жаўрук. Ён і лічыўся ”вястуном” вясны.

Веснавыя песні
Жавароначкі, прыляціце — у-у-у-у!
Вы нам лецейка прынясіце — у-у-у-у!
А зімачку забярыце — у-у-у-у!
Бо нам зімачка надаела — у-у-у-у!
Усе хлебушкі пераела — у-у-у-у!
***
Зіма з летам сустракаецца,
Пра здаровейка пытаецца:
— Ой, чалом, чалом, да цёплае лецейка!
— Ой, здарова была, да халодная зімачка!
— Што цябе, лецейка, узвелічаюць,
Мяне, зімачку, праклінаюць?
— Бо ты, зімачка, халодная,
Лугі, балоты памарозіла.
Беларускія народныя гульні: «Гусі ляцяць!», «Спрытны Верабей», «Каршун» , «Хворы Верабей», «Гусі-лебедзі і воўк», «А мы проса сеялі», «У арла».
«Гуканне вясны». Р. Баравікова
«Сонейка-сонца»
«Гушкі, гушкі, гушкі»
Т. Кляшторная. «Шпак»
Я. Крупенька. «Шпак»
Я. Колас. «Сонца грэе, прыпякае»
Беларускія народныя лялькі: Птушка-радасць, Птушка, Вяснянка.
Саракі (22.03)
Аб пачатку новага вітка прыроднага абуджэння першымі абвяшчалі птушкі. Яны вярталіся з Вы-Раю – ад продкаў – і неслі на сваіх крылах вясну. Таму і першае свята новага цыкла абнаўлення павінна быць прысвечана міфічным прадвеснікам – птушкам. Такое свята пад назвай Саракі здаўна бытуе ў народным календары беларусаў.
Зразумела, што лік 40, які адлюстраваны ў вяртанні з далёкіх краін «40 выраяў», стаў вызначальным ва ўсіх рытуальных дзеяннях гэтага святочнага дня, перш за ўсё ў выпяканні спецыяльнай рытуальнай стравы – сарака «жаваранкаў» – невялічкіх булачак у выглядзе птушак.
У розных куточках Беларусі жаваранкі аказваліся на пэўны час своеасаблівым барометрам-лічыльнікам. Меркавалі, што пасля Саракоў павінна быць яшчэ сорак замаразкаў. І як толькі здараўся чарговы замаразак, сям’я з’ядала адну галушку. Як толькі будзе з’едзена апошняя, людзі казалі: усё – прыйшло лета, і марозу больш не будзе.
Значнае месца ў забавах дзяцей і моладзі займала гушканне на арэлях. Для самых маленькіх іх майстравалі пасярэдзіне двара або мацавалі гушкалкі прама ў варотах. Моладзі патрэбны былі больш вострыя ўражанні, і, адпаведна, яе паводзіны вылучаліся значна большай эмацыянальнасцю. Таму хлопцы ладзілі арэлі з дапамогай старэйшых братоў і бацькоў у гумнах і пунях.
Гушканні на арэлях мелі некалькі планаў асэнсавання. З аднаго боку, папарнае гушканне з дзяўчатамі дазваляла прадэманстраваць свае фізічныя здольнасці, рухавасць, імпэт і адначасова выказаць на мове сімвалаў сваю зацікаўленасць дзяўчынай.
З другога боку, здавалася б, простая забава, гульня несла на сабе адбітак далёкай традыцыі, змест якой быў напоўнены абрадавым сімвалізмам. Па-першае, гушканні суправаджаліся залівістым смехам, гучнымі рытмізаванымі заклічкамі і нават невялікімі песеннымі творамі, якія выконвалі ролю замовы. Па-другое, гушканне заўсёды звязвалася з дабрабытам і новым ураджаем. Паўсюдна на Беларусі існавала падсвядомая перакананасць у тым, што ад вышыні калыхання (узлёту над зямлёй) залежыць рост ільну. Можа, якраз таму нашыя продкі даволі часта гушкаліся на вяроўках.

Прыказкі
«Кажуць: сорак птушак прыляціць – сорак мучанікаў».
«Сорак мучанікаў прылятаець, сорак мучанікаў прылятаець!»
Беларускія народныя гульні «Каршун» , «Хворы Верабей», «Гусі-лебедзі і воўк», «У арла», «Гусі ляцяць!», «Спрытны Верабей», «Птушкі ляцяць»
«Чыкі-чыкі, сарока»
«Гушкі, гушкі, гушкі»
Т. Кляшторная. «Шпак»
«Сарока-варона»
Беларускія народныя лялькі: Птушка-радасць, Птушка.
Вялікдзень
Вялікдзень — вялікае гадавое веснавое свята. Ім некалі адкрываўся новы каляндарны год.
3 прыняццем хрысціянства гэтае свята атрымала духоўны сэнс і ачышчальную моц, з’яўляецца выключна радасным і ўрачыстым у шэрагу ўсіх хрысціянскіх святаў. Падрыхтаваўшыся духоўна Вялікім сямітыднёвым постам, на перадвялікодным Белым тыдні пачынаюць рыхтавацца да правядзеньня святочных дзён. У Чысты Чацвер чысцяць і прыбіраюць хату і двор. У Вялікую Суботу, напапярэдадні Вялікадня, гатуецца, варыцца, смажыцца мноства розных страваў. Пякуцца пірагі, фарбуюцца ў розныя колеры і распісваюцца ўзорамі курыныя яйкі (пісанкі). Увечары гэтага ж дня прыбіраюцца ў святочную вопратку, бяруць з сабой падрыхтаваную для асвячэння «пасху», ідуць у царкву на ўсяночную службу.
Пасля Літургіі святкаванне працягваецца дома. Любімая гульня ў моладзі — біткі. Стукаюцца святочнымі яйкамі, і пераможцам аказваецца той, у каго яно застаецца цэлае.
У першы велікодны вечар на Беларусі былі пашыраныя валачобныя абыходы, падчас якіх групы валачобнікаў хадзілі па хатах і выконвалі валачобныя песні з пажаданнем селяніну плёну на ніве, прыплоду ў статку, добрага здароўя, шчаслівае долі, велічалі гаспадароў і руплівую працу.
У вялікодны абрадавы комплекс уваходзілі рытуальныя трапезы, карагоды і памінанне памерлых родзічаў — веснавыя дзяды Радаўніца.
Гэтае свята не мае пэўнай, пастаяннай прымеркаванасці ў народным календары: у залежнасці ад месячнага календара яно прыпадае на час ад 4 красавіка да 8 мая.
Урачыстасць Вялікадня тлумачыцца і яго рэлігійным зместам. У адпаведнасці з хрысціянскімі ўяўленнямі, гэтае свята праслаўляе цудадзейнае ўваскрасенне Ісуса Хрыста, які быў пакараны распяццем на крыжы.
Гэтай падзеі – цудоўнаму вяртанню да жыцця Ісуса Хрыста – і прысвечаны разнастайныя хрысціянскія звычаі і абрады на Вялікдзень. Не выпадкова, што і вітацца ў гэты дзень прынята словамі: “Хрыстос уваскрэс!”
Пасля асвячэння пасхі ў царкве кожны гаспадар імкнуўся як мага хутчэй бегчы з ёю дадому. Гэты звычай быў заснаваны на народным павер’і: хто першы прыбяжыць з пасхаю дамоў, у таго будзе лепшы ўраджай, і той гаспадар першы скончыць палявыя работы. Абрус, на якім стаялі велікодныя стравы, захоўваўся ў недатыкальнасці на працягу ўсяго года: ен, згодна з народнымі вераваннямі, ахоўвае ад граду, і таму пры з’яўленні градавых хмар гэты абрус расцілалі на двары.
У цэнтры велікоднай абраднасці знаходзіцца яе своеасаблівы сімвал – пафарбаванае яйка. Паводле хрысціянскіх уяўленняў, велікоднае яйка сімвалізуе перамогу жыцця над смерцю, а яго чырвоны колер нагадвае аб крыві Хрыста, якая была праліта дзеля выратавання людзей. Асвечанае ў царкве яйка елі першым пасля вяртання з усяночнай службы, пачынаючы святочнае застолле.
У першы дзень Вялікадня лічылася неабходным мыцца вадою, у якую пакладзены залатыя і срэбныя рэчы, а таксама чырвонае велікоднае яйка, каб увесь год быць багатым, чыстым і прыгожым, як яйка. Маці гладзілі чырвоным яйкам, якое вымалі з вады, на твары сваіх дзяцей, каб яны былі заўседы румянымі і чырванашчокімі. Фарбаваныя велікодныя яйкі і зараз дараць родным і знаемым. Абмен такімі яйкамі-падарункамі паміж хлопцамі і дзяўчатамі азначае іх прызнанне ва ўзаемным каханні. Важнае значэнне мела велікоднае яйка, атрыманае ў каго-небудзь першым: верылі, што яно не псуецца на працягу ўсяго года і мае цудадзейную сілу. Велікодныя яйкі клалі ў зерне, прызначанае для сяўбы.
З велікоднага тыдня пачынаюцца летнія гулянні, ваджэнне карагодаў і закліканне вясны. На другі і трэці дзень Вялікадня па вёсках хадзілі валачобнікі – велікодныя спевакі – славельшчыкі. Валачобнікі абыходзілі ўсе хаты ў весцы і перад кожнай хатай спявалі, услаўляючы гаспадара, членаў яго сям’і, жадалі плённай працы, добрага ўраджаю, прыплоду жывелы. У адказ гаспадары дзяквалі валачобнікам і давалі ім падарунак – валачобнае (фарбаваныя яйкі, каўбасы, сыр).
Гаспадар ты наш з гаспадыняю,
Не тамі нас доўга, падары нас борздка
Не вялікім скарбам, чырвоным яйком.
Са двара пойдзем, прыпяваючы,
Пана гаспадара велічаючы.
У апошні дзень свята (а ў некаторых раёнах у першы ці другі) беларусы хадзілі на могілкі памянуць (“пахрыстосавацца”) сваіх продкаў.

Беларуская абрадавая лялька «Вербніца»
Беларускія народныя гульні «Качанне яек», «Яйка пад шапкай»
І. Шуцько. «Яечка»
Беларуская народная казка «Курачка-Рабка»
осу», «Каза».
Беларуская народная казка «Каза-манюка».
ЛЕТА
Купалле (06.07)
Купалле (Купала) — старажытнае абрадавае свята сонца і агню, росквіту зямлі.
Да купальскай ночы рыхтаваліся з раніцы. Жанчыны і дзяўчаты ішлі на луг збіраць кветкі і зёлкі, якія ў гэты дзень набываюць асаблівую гаючую, чароўную сілу. З кветак дзяўчаты вілі вяночкі. Пад вечар, святочна апрануўшыся, яны ішлі па вёсцы і клікалі людзей на Купалле.
Месцам правядзення свята магла быць гара, лука ракі, бераг возера. На гэтае месца зносілі усякую старызну для вогнішча, якая сімвалізавала ўсё аджытае, хворае, непатрэбнае і павінна была згарэць у ачышчальным агні. На месцы вогнішча ўкопвалі жардзіну, якую абвівалі хмелем, на верх яе мацавалі старое кола, упрыгожанае зёлкамі. Вакол жардзіны складалі старызну, дрова, падпальвалі ўсё гэта “жывым” агнём, здабытым шляхам трэння кавалкаў дрэва або з дапамогай крэсіва. Вакол вогнішча вадзілі карагоды. Назіралі: у чый бок падала жардзіна з колам, той павінен стаць шчаслівым. Моладзь скакала праз вогнішча. Калі хлопец меў пару, то пераскокваў агонь разам са сваёй дзяўчынай. Калі ў час скакання праз агонь у закаханай пары рукі не разыйдуцца, то гэта добрая прыкмета, і вяселле іх у гэтым жа годзе павінна адбыцца. Тут жа гатавалі абрадавую вячэру, частаваліся.
Гэтае свята, як ніякое іншае, напоўнена было таямнічасцю. Дзяўчаты варажылі на вянках, якія пускалі па вадзе, апоўначы рвалі на скрыжаванні трыпутнік, каб даведацца, хто будзе сужаны.
Хлопцы шукалі папараць кветку. У купальскую ноч, па народным павер’і, расцвітае папараць. Хто сарве кветку гэтай расліны і будзе насіць пры сабе, той будзе шчаслівы, багаты і атрымае ўсё, што захоча. Але здабыць яе вельмі цяжка: у самую поўнач, калі яна павінна раскрыцца, надыходзіць мацнейшая навальніца, зіхаціць бліскавіца, гром б’е за громам, і таму, хто асмельваецца сарваць кветку, здаюцца розныя пачвары, якія імкнуцца ўсяляк перашкодзіць задумам чалавека. Каму ўдаецца сарваць кветку, павінен, не аглядваючыся, ісці дадому і не звяртаць увагі ні на пагрозы, ні на зманлівыя абяцанні, якімі ведзьмы стараюцца прымусіць чалавека аглянуцца. Інакш кветка ў адзін момант прападзе.

Прыказкі
«Дзень адбаўленне, ночы прыбаўленне»
«Сягоння ў нас Купала, сам Бог агонь расклаў»
«Ляці, ляці, вяночак, лаві, лаві, дружочак»
Беларускія народныя гульні «Іванка», «Два агні», «Вядзьмар», «Вугольчык».
Я. Колас. «На лузе»
К. Каліна. «Ліпень»
Дажынкі
Дажынкі, Прачыстая- ста-ражытнае народнае свята, якое прысвячалася сканчэнню жніва. Людзі на нейкі час рабіліся вольнымі ад цяжкай працы, атрымлівалі адпачынак і — найперш — ураджай. Сканчэнне жніва суправаджалі танцамі, песнямі, рознымі абрадамі язычніцкага паходжання. У наш час дажынкі адзначаюць як свята ўраджаю.

Прымаўкі :
«Прыйшла Прачыстая — стала поле чыстае»,
«Прачыста — сяўба чыста, а касьба не чыста»,
«Гаспажа — хлеба дзяжа»,
«Прыйшла Прачыстая — перапечка чыстая»,
«Надышло Успленне — цягні бульбу за карэнне»,
«Прачыстая не глядзіць бяла, а глядзіць, каб паляніца была».
І. Муравейка. «Акраец хлеба»
М. Танк. «Хлеб»
К. Каліна. «Жнівень»
Беларускія народныя гульні «Лянок», «У млын»
Сцэнарый свята «Дажынкі»
ЗІМА
Каляды
Каляды — народнае зімовае свята. Працягваецца дванаццаць дзён з 24 снежня (6 студзеня) па 6 (19) студзеня — з Каляды да Вадохрышча.
Для Каляд характэрны тры абрадавыя вячэры (куцці): посная (вялікая) спраўляецца перад 1-м святочным днём, багатая (тоўстая, шчодрая) з мяснымі стравамі — у Шчодры вечар (вечар перад Новым годам), посная (галодная, вадзяная) — перад Вадохрышчам. Наладжваліся калядаванне, варажба, шматлікія забавы, гульні; спявалі калядныя песні.
Першая вячэра (24-25 снежня/6—7 студзеня), што мела назву «Поснай» ці «Вялікай Куцці» — гэта канец шасцітыднёвага Піліпаўскага посту, пачатак святочных дзён і вечароў. Напярэдадні Калядаў з самай раніцы ў кожнай хаце старанна прыбіраліся, уся сям’я мылася, а пасля пачыналі гатаваць вячэру. За стол сядалі, як толькі на небе з’яўлялася першая зорка. У гэтым звычаі адлюстраваліся вядомыя хрысціянскія ўяўленні аб цудоўнай зорцы, якая паказвала вандроўнікам шлях да месца, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос. Пад абрус на святочны стол абавязкова падкладалі сена, што асэнсоўвалася як напамін аб тым, што Ісус адразу пасля нараджэння быў пакладзены на сена ў яслях. Збожжа, прызначанае для сяўбы, ставілі ў рэшаце на покуць, дзеля павышэння ўрадлівасці. Гаспадар запрашаў за святочны стол Дзядоў, чыя прысутнасць была гарантам жыццёвай стабільнасці ўсяго роду. Святочная вячэра складалася з 12 страваў. На першую куццю імкнуліся не хадзіць у чужыя хаты з-за прыкметы, што жывёла сыдзе са двара і прападзе. Менавіта Куцця і сімвалізуе калектыўную (сямейную) долю (дабрабыт, шчасце), і таму пакаштаваць яе мусіў кожны.
Вечар напярэдадні Новага года (31 снежня-1 студзеня / 13 студзеня — 14 студзеня) называецца «шчодрым», «ласым». Гэтую назву свята атрымала ад шчодрай куцці. На стол ставілі смажаныя каўбасы, свежаніну, сыр, яечню, бліны з верашчака. У цэнтры навагодняй абрадавай ежы знаходзілася мяса свінні, якая з-за сваёй пладавітасці ўспрымалася, як сімвал урадлівасці. Сустрэча Новага года абавязкова суправаджалася шчадраваннем. Цэнтральнай дзеючай асобай шчадроўнага гурту была «каза» — жвавы, здатны да танцаў хлопец, апрануты ў вывернуты кажух. Ён трымаў у руках зробленую з дрэва або з паперы галаву казы. «Казу» суправаджаў павадыр, які павінен быў умець складна гаварыць. У гурт таксама ўваходзілі музыканты, механошы, песеннікі, якія падтрымлівалі галоўных дзеючых асоб.
Трэцяя, «Посная», «Вадзяная» Каляда (5 студзеня — 6 студзеня / 18—19 студзеня), супадае з Вадохрышчам. Менавіта ў памяць аб Хрышчэнні Ісуса Хрыста ў водах Іардану ўстаноўлена гэта свята. Святочная вячэра складалася з няцотнай колькасці посных страваў. На Хрышчэнне хадзілі ў царкву і імкнуліся як мага хутчэй вярнуцца дадому — тады ўраджай гаспадар збярэ першым. Сена, на якім на працягу Калядаў стаяла куцця, паступова аддавалі хатняй жывёле, як ахоўны сродак ад хвароб і ад шкоднага ўплыву ведзьмаў.
Калядаванне — традыцыя з язычніцкімі каранямі. Увечары група сялян (часам дзяўчат, хлопцаў, дзяцей) апраналася ў жывёл (Казу, Тура, Бусла, Зайца), у розных дзіўных чароўных істот (Дзеда, Бабу, Цыгана, Чорта) і хадзілі па вёсцы або ехалі на возе. Яны спыняліся ля кожнага двара, і кожны гаспадар павінны быў запрасіць іх сабе ў хату, інакш, верылі сяляне, на будучы год шчасця і дабрабыту не будзе. Калядоўнікі спявалі, танцавалі, гралі на дудзе і бубне, ладзілі імправізаваныя сцэны. Напрыканцы выступлення яны ў форме песні ці вершаванага звароту жадалі гаспадарам багацця, здароўя, сямейнага ладу.
Гаспадар выносіў калядоўнікам хлеб, сала, мяса, садавіну, каўбасы, бліны. Усё гэта калядоўшчыкі складалі ў торбу, якая ад двара да двара рабілася ўсё цяжэйшай. На развітанне яны жадалі гаспадару шчасця, багацця, каб сыны жаніліся і дачкі замуж выходзілі. І ішлі далей па вёсцы. Калі ў гурце быў персанаж-Каза, то сігналам несці пачастунак быў момант, калі Каза падала на падлогу і быццам «памірала». Гэта азначала вялікае няшчасце: значыць, не будзе ўраджаю і дабрабыту. Трэба ажывіць казу: прынесці пачастункаў. І калядоўшчыкі спявалі адпаведныя песні.
Крыніца: https://be.wikipedia.org

Прымаўкі
«Каляды прыйдзе — добры год будзе»
«Калядоўшчыкі ў хату шчасце нясуць»
«Чыю хату каза міне, там цэлы год нялюдскае жыццё будзе».
Песні
На дуба, калядкі, на дуба
Дзевачкам кудзелька ня люба
Каб нам калядак нядзель дзясятак
Нашы праснічкі б настаяліся
Нашы дзевачкі б нагуляліся.
…Дзе каза ходзіць,
Там жыта родзіць,
Дзе каза хвастом,
Там жыта кустом,
Дзе каза нагой,
Там жыта капой,
Дзе каза рогам,
Там жыта стогам!
Гаспадар ідзе,
Кілбасу нясе,
Сем кускоў сала,
Штоб каза ўстала.
Паўмеркі жыта,
Штоб каза была сыта
Паўмеркі аўса,
Штоб каза расла.
«Мароз, Мароз! Хадзі куццю есць,
І іржа, і бель, хадзіце цяпер!
Улетку к нам не бывайце,
Хлеба нашага не ўбівайце,
А ў махавым балоце прабывайце!»
А бяды ніколі!
Стары год канчаем,
Ночы зачынаем:
З ранняй вясною,
З буйнай травою,
З збожжам каласістым,
З зярном ядраністым…
Добры вечар, гаспадару!
Вынесь жа нам каўбас пару.
Ой, пахадзі каля печкі,
Пашукай жа нам перапечкі.
Ой, пахадзі каля кваскі,
Пашукай жа нам каўбаскі.
Вынесь жа сала, не скупіся,
Каб твой ячмень урадзіўся,
Каб нажалі сто коп жыта,
Каб уся сям’я была сыта…
В. Жуковіч. «Калядная вячэра»
М. Чарняўскі. «Новы год»
К. Крапіва. «З Новым годам»
Я. Журба. «Дзед Мароз»
Беларускія народныя гульні «Казіны рог», «Каза»
Масленіца
Масленіца (Сырны тыдзень, Масленка) — зімова-вясенні тыдзень перад пачаткам Вялікага посту, які адзначаецца ў Праваслаўнай царкве. Прыпадае на 8-ы тыдзень да Вялікадня. Назва паходзіць ад таго, што ў канцы лютага — пачатку сакавіка каровы паспявалі ўжо ацяліцца. Тады сялянскія гаспадаркі станавіліся багатымі на малако і рабілі прадукты з яго галоўнымі на стале.Абрадавымі стравамі тыдня былі масла, тварог і сыр. Таксама штодзень частаваліся блінамі без мяса, таму паводле хрысціянскага звычаю тыдзень называўся мясапусным — пустым ад мяса. Лічылася, што ўвесь тыдзень увечары не варта было працаваць. Пашыранымі былі вечаровыя гасцяванні і коўзанне з абледзянелых пагоркаў на санках.
У чацвер, што называўся шырокім, частавалі аладкамі карову, аб’язджалі жарабцоў, што дасягнулі трохгадовага ўзросту, і абіралі вясковага пастуха на наступны год. Таксама цягам тыдню зяці мелі завітаць да сваіх цешчаў на бліны. У суботу ладзіліся залоўкіны пасядзелкі, калі гасцявалі адзін у аднаго сваякі, а моладзь запрагала ў сані коней з аздобленаю стужкамі і званочкамі вупражжу.У нядзелю, пасля ваджэння па вёсцы, з заходам сонца спальвалі на вогнішчы пудзіла, як увасабленне марознага часу, і зламаныя, старыя рэчы.

НАРОДНАЯ ЛЯЛЬКА «МАСЛЕНКА ДАМАШНЯЯ»
ПРЫКАЗКІ
МАСЛЕНІЦА-ПАЛІЗУХА: СЫР І МАСЛА ПАЛІЗАЛА.
МАСЛЕНКА З БЛІНАМІ, А ПОСТ З ГРЫБАМІ.
БУДЗЕ МАСЛЕНКА, БУДЗЕ ЛЯ ПУПА КРАСНЕНЬКА.
МАСЛЕНКА-ПАЛІЗУХА, ПРАЦЯГНІСЯ ХОЦЬ ДА ДУХА.
А МЫ МАСЛЕНКУ ЧАКАЛІ, УСЕ АЛАДКІ ВЫПЯКАЛІ.
БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ ГУЛЬНІ «БЛІН ГАРЫЦЬ», «У МАСЛА»
В. ІПАТАВА. «АЛАДКІ»
«У КУЦЕ СЯДЗІЦЬ МЯДЗВЕДЗЬ»
«ЛАДУ, ЛАДУ, ЛАДКІ»
В. ВІТКА. «БАБІНЫ ГОСЦІ»